Гарднер Эрл Стенли - Ключ Да Загадкi Раскiданых Рубiнаў (На Белорусском Языке)



Эрл Стэнлi Гарднэр
КЛЮЧ ДА ЗАГАДКI РАСКIДАНЫХ РУБIНАЎ
Дождж раз-пораз суцэльнай заслонай шугаў з начнога неба. Калi гэтая
заслона знiкала, у прагалах памiж хмарамi паказвалiся мiгатлiвыя зоркi.
Вулiчныя лiхтары, святло ад якiх зiхатлiвымi стужкамi адбiвалася на мокрым
бруку, нiбы нiмбам ахiнала пара.
Па мокрым бруку разляталiся пырскi з-пад ног Сiднi Зума, якi iшоў, не
звяртаючы ўвагi на лужыны. Яго хударлявая фiгура, ахiнутая плашчом i прыкрытая
зверху гумовым капелюшом, iмклiва рухалася наперад скрозь дажджлiвую ноч,
побач нячутна бегла аўчарка.
Сiднi Зум любiў ноч. Асаблiва яму падабалiся дажджлiвыя ночы. Паўночныя
вулiцы вабiлi яго прадчуваннем прыгод. Ён безупынна шнырыў па начах у пошуках
дзiўных чалавечых учынкаў, якiя маглi выклiкаць яго цiкавасць.
Аўчарка хрыпла загыркала.
Сiднi Зум прыпынiўся i паглядзеў на свайго чатырохногага спадарожнiка.
- Што ў цябе, Рып?
Жоўтыя вочы сабакi выглядалi нешта ў цемры. Вушы яго натапырылiся. Праз
момант морда сабакi крутанулася, як бы нешта вышукваючы i прынюхваючыся. Потым
ён зноў загыркаў, поўсць на спiне ўзнялася дыбам.
- Шукай, Рып.
Сабака нiбы страла паiмчаў у цемру, шлёпаючы лапамi па мокрым бруку. Ён
бег шпарка i ўпэўнена, нiзка прыгiнаючыся долу. Заварочваючы за рог, ён
нахiлiўся яшчэ нiжэй - i ў гэты момант цемра праглынула яго.
Сiднi Зум дайшоў да месца, дзе знiк сабака, i спынiўся ў чаканнi. Але тут
пачулiся крокi, шамаценне гумовага плашча, i на яго пачала насоўвацца цёмная
постаць.
Цемру прарэзала святло электрычнага лiхтарыка.
- Што вы тут робiце? - прабурчаў незнаёмы басам.
У ястрабiных вачах Сiднi Зума ўзнiкла пагроза.
- А хто вы? Ды патушыце свой чортаў лiхтарык!
Промнi лiхтарыка прашылi зверху данiзу цыбатую, але жылаватую постаць, i
той самы голас зноў прагрымеў:
- Я - палiцэйскi, i гэта мой участак. Час не вельмi прыдатны, каб вось так
стаяць на рагу вулiцы, мокнучы пад дажджом, утаропiўшыся ў цемру, у нешта
ўслухоўваючыся. Так што далажыце, хто вы такi, калi не маеце ахвоты заначаваць
у камеры.
Сiднi Зум адвёў вочы ад сляпучага святла, выцягнуў з унутранай кiшэнi
скураны партманет i паказаў палiцэйскаму нейкую картку.
На картцы быў подпiс начальнiка палiцыi.
Палiцэйскi прысвiснуў.
- Сiднi Зум? Вось як! - сказаў ён у здзiўленнi. - Я наслухаўся пра вас i
вашага сабаку. А дзе ён?
Сiднi Зум слухаў, схiлiўшы галаву крыху ўбок.
- Калi вы перастанеце гаварыць, мы яго пачуем.
Палiцэйскi зацiх i прыслухаўся. З цемры даляцеў ледзь чутны сабачы брэх.
- Ён вунь за тым рагом, - сказаў Зум.
- Чаго ён разбрахаўся? - прабурчаў палiцэйскi.
Сiднi Зум пайшоў далей, перастаўляючы доўгiя ногi па мокрым бруку.
Раптоўны дождж забарабанiў па пругкай паверхнi iх плашчоў.
- Каб даведацца, - адказаў Сiднi Зум, - лепш за ўсё - пайсцi i паглядзець.
Палiцэйскаму было цяжка паспяваць за шырокiмi крокамi Зума.
- Я чуў пра некаторыя вашыя вышукi, - сказаў ён.
Вiдаць, палiцэйскi хацеў завесцi гаворку, але хада была настолькi шпаркая,
што нават на яе ледзь хапала дыху.
Сiднi Зум прамаўчаў.
- I пра вашага сабаку, - працягваў, засопшыся, палiцэйскi.
Сiднi Зум прыпынiўся i паказаў знакам палiцэйскаму спынiцца, потым узняў
галаву i свiснуў. Адразу ж у адказ пачуўся брэх.
Зум па гуку вызначыў кiрунак, адкуль пачуўся брэх, i пакрочыў яшчэ шырэй.
Палiцэйскi страцiў надзею iсцi нага ў нагу i, зусiм засопшыся, быў вымушаны ў
паўтара раза часцей перабiраць нагамi.
У святле вулiчнага лiхтара штосьцi скурчанае кiдала на брук доўгi цень.
Сабака зноў забрахаў



Содержание раздела